Экспанаты музея. Косці тура

“Дзіўным экспанатам” назвалі фрагмент чэрапа з вялізнымі рагамі і папрасілі расказаць аб ім больш падрабязна дзеці з В’етнама, якія наведалі наш музей. Фрагмент чэрапа належыць вымершай жывеле туру або першабытнаму быку, продку еўрапейскіх свойскіх кароў. Косці тураў знаходзяць рэдка, таму музей быў вельмі рад падарунку Вінаградава Аляксандра Паўлавіча, які прынес гэтую находку ў запаведнік і расказаў гісторыю знаходжання яе пры асушэнні балота ля вескі Бяздзедавічы Полацкага раёна.
Не так даўно туры жылі на вялікіх прасторах Расіі, Беларусі, Польшчы, а раней сустракаліся яшчэ часцей. Аб прыгажосці і сіле гэтых чорных з вялізнымі рагамі быкоў захаваліся паданні. Тура баяліся ваўкі і не кожны паляўнічы мог выйсці на яго. У сваіх запісках князь Уладзімір Манамах пакінуў красамоўны радок: «Тура два раза меташа меня на розях (рогах) и с конём».
І ўсё ж менавіта людзі звялі “страпцівых” быкоў: часткова знішчаны паляўнічымі, часткова выцеснены вырубкай леса і жывелагадоўляй у непрыгодныя для жыцця месцы, дзе і вымерлі. Апошні тур загінуў у 1627 годзе.
Манамах мог паляваць на быкоў прыкладна каля тысячы гадоў назад і гэтым часам можна датаваць жыцце тура, рогі якога можна ўбачыць у музеі.