1 экспазіцыйны ўзровень

Экспазіцыя першага ўзроўню «Беларусь - наш дом» прысвечана біялагічнай разнастайнасці, унікальнасці беларускай прыроды, а таксама першым экалагічным праблемам, якія ўзніклі на тэрыторыі Беларусі.
На першым паверсе музея Вашаму погляду паўстануць шматлікія насельнікі лясоў, лугоў і вадаёмаў Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлена вялікая колькасць птушак: ад самай маленькай у Паўночным паўшар'і - каралька жоўтагаловага і да адной з самых буйных - лебедзя-шыпуна.
Другая тэма экспазіцыйнага ўзроўню - першыя экалагічныя праблемы. Супярэчнасці паміж чалавекам і прыродай выявіліся ўжо ў старажытнасці. Вынішчэньне мамантаў, бізонаў і іншых буйных відаў 15-10 тысяч гадоў таму можна лічыць першым экалагічным крызісам. Вашай увазе прадстаўлены астанкі зьніклых жывёл, такія як косткі маманта і рогі легендарнага тура. Дапаўняюць экспазіцыю прадметы археалогіі, звязаныя з гісторыяй палявання і рыбалкі.