Аб прыродна-экалагічным музеі

Прыродна-экалагічны музей адкрыўся 3 верасня 2005 года. Экспазіцыя музея размясцілася ў будынку былой воданапорнай вежы, пабудаванай у 1953 г. Вышыня будынка 32,7 м, дыяметр 8 м. Экспазіцыйная плошча 300 кв. м, экспануецца больш за тысячу прадметаў натуральна-гістарычнай калекцыі.
Эпіграфам да экспазіцыі музея сталі словы Юрыя Бондарава: «Экалагічная свядомасць - гэта лесвіца, якая злучае ў адзіны саюз Зямлю, Неба і Чалавека».
Чатыры экспазіцыйныя ўзроўні музея «нанізаны» на лесвіцу, якая сімвалізуе Дрэва жыцця.
Ідэя сусветнага Дрэва адна з самых старажытных у свеце. Гэтая ідэя заўжды перадавала сувязь чалавека і светабудовы, сэнс яго зямной і боскай прыроды. Падарожжа па вітой лесвіцы Прыродна-экалагічнага музея дазваляе нам зазірнуць у розныя «светы» прыроды і экалогіі, падняцца да вяршыні экалагічнай свядомасці.
Першы ўзровень - «Беларусь - наш дом» - распавядае пра біялагічную разнастайнасць і ўнікальнасць прыроды Беларусі.
Другі ўзровень - «Пасаг цывілізацыі» - знаёміць з экалагічнымі праблемамі сучаснага горада.
Трэці ўзровень - «Ахоўныя тэрыторыі» - расказвае аб запаведніках і помніках прыроды, відах, занесеных у Чырвоную кнігу.
На чацвёртым узроўні размешчаны кіна-лекцыйная і выставачная зала, а таксама аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца цудоўны від на горад.